Запазычанасць сектара грамадскага харчавання ў сакавіку перавысіла мільярд злотых. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года пратэрмінаваная запазычанасць арганізацый, якія абслугоўваюць харчаванне, павялічылася больш чым на 28 працэнтаў. Амаль 7 працэнтаў прадпрыемстваў грамадскага харчавання маюць праблемы з пагашэннем бягучых абавязацельстваў, крэдытаў і пратэрмінаванай запазычанасці перад пастаўшчыкамі. Прадпрыемствы грамадскага харчавання маюць у сярэднім ажно 91 550 злотых запазычанасці, сведчаць дадзеныя справаздачы BIG InfoMonitor.
«Ужо ў 2020 годзе пратэрмінаваныя абавязацельствы ў сферы грамадскага харчавання перад банкамі і падрадчыкамі перавысілі 647 мільёнаў злотых і з таго часу растуць. Пасля пандэміі сектару цяжка аднавіцца. Паўплывалі інфляцыя і фінансавыя праблемы палякаў, у прадпрыемстваў грамадскага харчавання таксама павялічыліся цяжкасці, звязаныя з ростам кошту занятасці і нявызначанасцю агульнай эканамічнай сітуацыі», - сказаў Славамір Гжэльчак, прэзідэнт BIG InfoMonitor.
Як адзначылі аўтары дакладу, у апошнія гады колькасць кампаній, якія актыўна працуюць на рынку грамадскага харчавання, хоць і адчуваюць цяжкасці, штогод павялічваецца як мінімум на 3%. Паводле падлікаў аналітычнай кампаніі Dun&Bradstreet, у першым квартале б.г. упершыню з 2011 года было зафіксавана скарачэнне колькасці новых фірм.
Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення амаль 83 працэнты прадпрымальнікаў з сектару харчавання ўказваюць на бар'еры для вядзення цяперашняга бізнесу. Часцей за ўсё гэта цяжкасці, звязаныя з ростам кошту занятасці (79,9% у красавіку гэтага года), высокімі фіскальнымі нагрузкамі (50,1%) і нявызначанасцю агульнай эканамічнай сітуацыі (46,7%). Наступнымі найбольш часта згаданымі фактарамі былі недастатковы попыт (41,6%) і незразумелае, непаслядоўнае і нестабільнае рэгуляванне (40,8%).
Як паказалі вынікі даследавання «Выбраныя выдаткі палякаў», праведзенага ў красавіку 2024 года ад імя BIK Group, амаль 2/3 рэспандэнтаў наведваюць рэстараны прынамсі раз на месяц, выдаткоўваючы на гэта ў сярэднім 125 злотых у месяц. Ва ўзроставай групе 18-24 гадоў 81% харчуюцца па-за домам. Гэты працэнт памяншаецца з узростам рэспандэнтаў. У групе 65+ толькі 43%.
Найбольш трацяць на харчаванне ў рэстарацыях і барах людзі ва ўзросце 35-44 гадоў — 167 злотых у месяц. Таксама ў гэтай групе найбольшы адсотак апытаных (9%) заявілі, што штомесячныя выдаткі на харчаванне па-за домам перавышаюць 400 злотых.
ПР/юл